СОРТ РАСЛІ́Н,
сукупнасць раслін, створаная шляхам селекцыі раслін, якія маюць пэўныя спадчынныя марфал., біял., гасп. прыкметы і якасці. Паводле паходжання вылучаюць С.р. мясцовыя (нар. селекцыі), што ўзніклі ў выніку працяглага масавага адбору пры вырошчванні культуры ў пэўнай мясцовасці, і селекцыйныя, што выводзяць у н.-д. установах. Паводле генет. і біял. асаблівасцей С.р. падзяляюць на сарты-лініі (ад адной самаапыляльнай расліны метадам індывідуальнага адбору), сарты-папуляцыі (атрымліваюць шляхам масавага адбору з неаднародных па спадчыне самаапыляльных і перакрыжаванаапыляльных раслін) і сарты-клоны (патомства адной расліны, размножанай вегетатыўна). Гібрыды, атрыманыя скрыжаваннем С.р., характарызуюцца паскораным ростам і развіццём, высокай ураджайнасцю ў 1-м пакаленні (з’ява гетэрозісу). Пры працяглым выкарыстанні ў выніку мех. і біял. засмечанасці, распаўсюджвання захворванняў якасці С.р. зніжаюцца. Укараненне новых раянаваных С.р. у вытв-сць (сартазмена) — адзін з эфектыўных сродкаў павышэння ўраджайнасці с.-г. культур і паляпшэння якасці прадукцыі. Гл. таксама Сартавое раянаванне, Сортаабнаўленне, Сортавыпрабаванне.
т. 15, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)